DataLife Engine > Новости Республики > Што выйграюць у латарэі беларускія чыноўнікі і палітыкі?

Што выйграюць у латарэі беларускія чыноўнікі і палітыкі?


Пн, 2007-09-30 20:20. Разместил: cherneen
Каралева Вялікабрытаніі Елізавета ІІ днямі выйграла ў латарэю два кавалкі мыла і масла для ванны. Пры гэтым яна гуляла ўпершыню. Радыё Рацыя высветліла, ці гуляюць у латарэю беларускія чыноўнікі і палітыкі і ці шанцуе ім.

Былы старшыня Вярхоўнага савета Станіслаў Шушкевіч сказаў, што з вялікай павагай ставіцца да брытанскай каралевы, але не лічыць гэтае баўленне часу сур’ёзным і на "халяву" ніколі не разлічвае: "Не гуляў, не гуляю і не буду гуляць у латарэі. І наогул ні ў якія іншыя азартныя гульні. Прывык зарабляць сваімі ўласнымі сіламі. І продкі мае не гулялі, і ў сям’і не гуляюць. А ў дзяцінстве і маладосці дык і грошай на латарэі не было".

Кіраўнік Міністэрства спорту і турызму, якое з’яўляецца заснавальнікам "Суперлато", Аляксандр Грыгараў кажа, што цяпер ў латарэі не гуляе прынцыпова, а за савецкім часам аднойчы паспытаў шчасця — і выйграў набор грамафонных кружэлак.

Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік паведаміў, што ў савецкі час яму здаралася гуляць у латарэю, але гэта было, "калі вельмі ўжо назойліва прапаноўвалі" ў тагачасным гандлі. Але выйгрышы былі: "А самы мой вялікі выйгрыш — 10 рублёў. Але не ў латарэю, а па аблігацыі дзяржаўнага займа дзесьці ў 70-х гадах… Што тычыцца латарэй сёння, то я калі-некалі дадаю білецік да падарункаў, што раблю сваім блізкім людзям. Ну а выйгрышы — у межах кошту латарэі".

Увогуле Мікалай Лазавік лічыць, што "шанцуе таму, хто робіць канкрэтную справу, накіраваную на канкрэтны вынік": "А латарэя — лёс тых, каго пацалаваў Бог. Я, напэўна, у справе латарэй да гэткіх не належу".

Сустаршыня аргкамітэта партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Аляксей Шэін распавёў, што гуляў у латарэю падчас савецкага школьнага дзяцінства: "Выйграваў — рубель, два, тры… А потым стаў дарослым і зразумеў, што гульні з дзяржавай заўсёды небяспечныя, таму цяпер разлічваю толькі на ўласныя сілы".

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава распавяла, што ў латарэю ніколі добраахвотна не гуляла. А прымусова прыходзілася, калі білеты распаўсюджваліся праз прафкам, але безвынікова: "Мне не шанцуе ў латарэю. Скажу, што каму шанцуе ў азартныя гульні, таму не шанцуе ў каханні. Вось і глядзіце ад адваротнага".

Лідэр руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч распавёў, што колькі дзесяткаў год таму гуляў і па размеркаваных латарэйных білетах, і па набытых добраахвотна. І выйграваў дробныя грошы. Цяпер не гуляе ні ў латарэі, ні ў іншыя азартныя гульні — нават у карты: "Гэта не маё, бо ёсць столькі цікавых заняткаў і без гэтага". Але пры гэтым палітык кажа, што лёс яму спрыяе, таму "можа і варта ў латарэю пагуляць".




Источник: news.tut.by