Студэнты, якім не хапіла месца ў інтэрнаце, атрымаюць кампенсацыю 6200 рублёў


Разместил kaktusoff, Пн, 2007-08-31 18:20

Студэнты, якім не хапіла месца ў інтэрнаце, атрымаюць кампенсацыю 6200 рублёў

27 августа 2007 Общество
Апошні тыдзень жніўня для шчаслівых уладальнікаў студэнцкіх білетаў падрыхтаваў першы іспыт - на выжыванне. Праўда, тычыцца яно толькі іншагародніх: ім неабходна вырашыць жыллёвае пытанне. Альбо “прабіць” месца ў інтэрнаце, альбо зняць пакой ці кватэру.

"Еўрарадыё" вырашыла даведацца, як праходзіць засяленне студэнтаў і што кіраўніцтва навучальных устаноў раіць рабіць тым, каму месца ў інтэрнаце не хапіла.

Прарэктар па выхаваўчай рабоце Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя М.Танка Святлана Копцева паведаміла, што яны здольныя забяспечыць месцамі ў інтэрнаце толькі 36 адсоткаў іншагародніх студэнтаў.

Святлана Копцева:Згодна з пастановай Саўміна, мы ў першую чаргу засяляем дзяцей-сірот, потым дзяцей-інвалідаў, потым тых, хто жыве ў забруджанай зоне, са шматдзетных сем’яў. З усіх, каму патрэбны інтэрнат, мы здольныя засяліць толькі 36 адсоткаў”.

Усім астатнім давядзецца здымаць пакой альбо кватэру. Такім ва універсітэце аказваюць дапамогу - створана база звестках з адрасамі і тэлефонамі гаспадароў, згодных прытуліць студэнтаў. Аднак пры аднолькавай стыпендыі ў 120-150 тысяч затраты на жыллё ва ўсіх розныя. За месца ў інтэрнаце трэба плаціць каля 15 тысяч рублёў. А вось ложка-месца на здыманай кватэры каштуе ад 50 долараў і вышэй.

Святлана Копцева: “Базавы кошт - 50 долараў за ложка-месца і вышэй. Ёсць і 80, і 120 долараў. У залежнасці ад пакоя і ўмоў”.

Тым, хто не атрымаў інтэрнат, дзяржава выплачвае кампенсацыю на аплату здыманага жылля. У педагагічным універсітэце яна складае 25 адсоткаў базавай велічыні - 7750 рублёў. Гэтых грошай хопіць, каб на койка-месцы за 50 долараў у месяц пражыць два дні.

Дырэктар студэнцкага гарадку Беларускага дзяржаўнага універсітэта Міхаіл Чарапеннікаў кажа, што толькі 60 адсоткаў іншагародніх студэнтаў будуць заселеныя ў інтэрнаты. Там таксама ёсць база даных, для тых, хто вымушаны будзе шукаць жыллё. Ёсць і кампенсацыя для іх.

Міхаіл Чарапеннікаў: “Памер гэтай кампенсацыі ўстаноўлены заканадаўствам і складае 0,2 базавай велічыні”.

Гэта, як не цяжка падлічыць, 6200 рублёў. Праўда, кіраўнік студэнцкага гарадка не лічыць, што бытавыя складанасці адаб’юць у моладзі жаданне авалодваць ведамі.

Міхаіл Чарапеннікаў: “Ніводны наш студэнт, а да мяне кожны дзень паўтара-два дзясяткі студэнтаў прыходзіць, не сказаў, што з-за адсутнасці інтэрната альбо немагчымасці здымаць кватэру, я вымушаны пакінуць універсітэт ці перавесціся за завочны”.

Толькі кожны другі з тых студэнтаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, каму неабходны інтэрат, яго атрымае. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прарэктар па навучальнай рабоце Аляксандр Хмыр.

Аляксандр Хмыр: “Забяспечанасць у нас на 50 адсоткаў. Будуць забяспечаныя толькі льготнікі. У нас інтэрнаты толькі два. На дзве тысячы месцаў. А студэнтаў-іншагароднікаў - 4 тысячы”.

Прарэктар расказаў "Еўрарадыё", што яна пачалі будаўніцва яшчэ аднаго інтэрната, але засяляць студэнтаў туды можна будзе не раней, чым праз 2 гады. А пакуль тым, хто чакае там месца, таксама выплочваюць кампенсацыю. Самую высокую сярод іншых ВНУ - 0,5 базавых. Ажно 15500 рублёў.

Абмяркоўваць любыя пытанні па тэлефоне прарэктар па вучэбна-выхаваўчай працы Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага універсітэта Віктар Карко адмовіўся. Сказаў толькі, што для іх забяспячэнне студэнтаў інтэрнатамі ніколі не ўяўляла вялікай праблемы - засялялі каля 90 адсоткаў. Праўда, зазначыў, што наборы з кожным годам растуць.

Віктар Карко: “Наборы растуць, а інтэрнаты гумовымі не становяцца”.

А вось прарэктар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта Валеры Сметкін коратка адказаў, што абмяркоўваць праблемы засялення студэнтаў у інтэрнат будзе толькі з імі ды іх бацькамі.

Зміцер Панямонаў




Источник: news.tut.by

Главная / Новости Республики / Студэнты, якім не хапіла месца ў інтэрнаце, атрымаюць кампенсацыю 6200 рублёў